Advertisement
Запрашаем на цырымонію ўручэння прэміі імя Міхала Анемпадыстава за найлепшую кніжную вокладку!24 кастрычніка ў Варшаве пройдзе вечар, прысвечаны беларускаму кніжнаму дызайну і тым, хто стварае візуальны вобраз нашага кнігадруку.
У праграме:
〰️ цырымонія ўзнагароджання прэміяй Анемпадыстава
〰️ выстава кніжных вокладак з кароткага спіса прэміі
〰️ прэзентацыя выдання «Форма прысутнасці» і дыскусія «Што адрознівае добрую вокладку ад выдатнай?» разам з лаўрэатамі мінулых гадоў, дызайнерамі Святланай Дземідовіч, Анатолем Лазарам і Ігарам Юхневічам, мадэратарка – Вольга Мжэльская
〰️ віно і прыемныя размовы пад музыку ад Papa Bo Selektah
Прыходзьце сустрэцца з беларускай кніжнай супольнасцю, пазнаёміцца з новымі людзьмі і пагаварыць пра кнігі!
⏰ 24 кастрычніка, 16:00–19:30
📍 REDAKCJA BAR, ul. Marszałkowska 21/25, Варшава
😊 Уваход вольны
👉 Усе падрабязнасці чытайце тут: https://penbelarus.org/2026/09/29/zaprashaem-na-czyrymoniyu-uruchennya-premii-imya-mihala-anempadystava-2026-za-najlepshuyu-knizhnuyu-vokladku.html
Разгорнутая праграма:
Восем вокладак як восем гісторый | выстава прац з кароткага спіса прэміі.
На працягу ўсяго вечара ў галерэі можна будзе пабачыць працы, што ўвайшлі ў сёлетні кароткі спіс прэміі імя Міхала Анемпадыстава. Госці падзеі змогуць пазнаёміцца з кнігамі, прачытаць расповеды творцаў пра тое, як нарадзіўся візуальны вобраз кнігі. Дзве працы зашыфраваныя дзеля бяспекі іх аўтараў – напамін пра рэчаіснасць, у якой існуюць і працуюць беларускія творцы.
16:00–17:00
Вокладка як візуальны вобраз кнігі і форма культурнай прысутнасці | прэзентацыя выдання «Форма прысутнасці», дыскусія.
Пачнём вечар з прэзентацыі выдання «Форма прысутнасці», прысвечанага беларускай кніжнай вокладцы як асобнай культурнай з’яве, і працягнем размовай пра тое, як ствараецца і чытаецца візуальны вобраз кнігі. Што адрознівае добрую вокладку ад выдатнай? Яна мусіць прыцягваць увагу – ці інтэрпрэтаваць кнігу? Чаму погляды чытача і дызайнера на адну і тую ж вокладку могуць не супадаць?
Мадэратарка: беларуская культурніцкая менеджарка, арт-аніматарка, куратарка Вольга Мжэльская
Удзельнікі размовы: дызайнеры, лаўрэаты прэміі Анемпадыстава Анатоль Лазар, Святлана Дземідовіч, Ігар Юхневіч
17:00–17:30
Цырымонія ўзнагароджання.
Узгадаем Міхала Анемпадыстава, мастака, дызайнера, паэта і культуролага, які істотна паўплываў на фармаванне сучаснай беларускай візуальнай культуры. Будуць прадстаўленыя вокладкі, што ўвайшлі ў сёлетні кароткі спіс прэміі імя Міхала Анемпадыстава. Журы абвесціць свой выбар, а аўтар, аўтарка або аўтары найлепшай кніжнай вокладкі атрымаюць «Анёла» – галоўную ўзнагароду прэміі.
17:30–18:30.
Час на келіх віна і прыемныя размовы пад музыку ад Papa Bo Selektah
Госці імпрэзы змогуць правесці час у прыемнай атмасферы бара Redakcja – сустрэцца з дызайнерамі, ілюстратарамі, мастакамі, аўтарамі і выдаўцамі, наладзіць новыя творчыя кантакты і паглядзець выставу. Асабліва запрашаем далучацца творцаў, выдаўцоў і ўсіх, хто працуе з кнігай і візуальнай культурай. Гэта добрая нагода пазнаёміцца, абмяняцца ідэямі і завесці новыя прафесійныя знаёмствы. Атмасферу вечара дапоўніць музычны сэт ад Papa Bo Selektah, створаны адмыслова для прэміі Анемпадыстава.
Пра прэмію
Прэмія імя Міхала Анемпадыстава ўшаноўвае спадчыну выбітнага беларускага мастака, дызайнера і культуролага, які значна паўплываў на развіццё візуальнай культуры Беларусі. Заснаваная ў 2019 годзе, яна адзначае найлепшыя дызайнерскія рашэнні ў афармленні кніжных вокладак.
У розныя гады ў прэміі перамагалі: Грыгорый Кацнэльсон («Віленскі покер»), Алена Дашкевіч («Простыя словы. Міхал Анемпадыстаў»), Анатоль Лазар («(Не)расстраляныя»), Яна Галушкіна і лічбавы архіў VEHA («Людзі Лесу / Ludzi Lesu»), Святлана Дземідовіч і Лукаш Левандоўскі («Побач»), Маша Мароз і Ігар Юхневіч («Мое баба – діректор морга»).
Арганізатары прэміі: Беларускі ПЭН і фонд «Open Culture»
Партнёры прэміі | Redakcja Bar, Reform.news, Fundacja Trzy Trąby, Belsat TV
Advertisement
Event venue
ulica Marszałkowska 21/25, 00-628 Warszawa, Polska, ulica Marszałkowska 21/25, 00-628 Warszawa, Polska, Warsaw, Poland
Tickets